Рука

— Колькі разоў табе казаў, акуратна яго бяры! Адной рукой — пад калені, другой — пад галаву, і потым паціху даставай. А ты што нарабіў?! — Рыгорыч глядзеў на адарваную руку і не мог стрымаць эмоцыі. — Мы яе ўжо пяты раз прышываем, жывога месца няма!

— Рыгорыч, ну ён жа спарахнеў увесь. Сёння рука, а заўтра ўжо галава адваліцца, — Сашка дастаў з кішэні пачак, выцягнуў з яго зубамі цыгарэту і смачна зацягнуўся. Перад ім ляжаў Сцяпан Ільіч Лыка і глядзеў некуды ў шэрае восеньскае неба. Сцяпана Ільіча дзе-нідзе паелі чэрві, гнілое мяса смярдзела горш, чым прыбіральня на аўтавакзале, а адарваная рука з пасінелымі пальцамі ляжала ля яго ў брудзе і вабіла галодных груздзеўскіх сабак.

— Яго яшчэ на дзесяць год дакладна хопіць, калі нармальна карыстацца! Шуруй па ніткі, боўдзіла!

Рыгорыч нахіліўся і ўзяў з зямлі руку. Уважліва паглядзеў на яе, нібыта вывучаў механізм функцыянавання прылады, і злосна зірнуў на Сашку. Той кінуў недакурак у лужыну, скочыў на лісапед і паехаў у бок цэнтра.

Да ўрачыстага мерапрыемства заставалася шэсць гадзін. Сцяпан Ільіч мусіць выступаць там з важнай прамовай перад жыхарамі Груздзева — а ў яго няма правай рукі, якую адарваў гэты прыдурак Сашка, калі цягнуў Лыку з труны. Ладна каб упершыню… Добра ж ведае: з ім праводзілі адказныя людзі неабходны інструктаж, потым былі яшчэ практычныя заняткі, пасля — падпісаў паперы, якія перадалі ў вобласць. І тут — зноў цягне за руку.

Рыгорыч мацюкнуўся пра сябе і ўзяў рыдлёўку: трэба было прысыпаць труну, каб усё выглядала па-людску — быццам спіць сабе божы чалавек спакойна. Пакуль працаваў, вярнуўся Сашка з іголкай і ніткамі, увесь мокры — так гнаў на лісапедзе. Праз цяжкія ўздыхі дабег да Лыкі, схапіў руку і толькі хацеў ткнуць туды іголку, як Рыгорыч закрычаў:

— Я сам! Ідзі во могілкі рыдлёўкай падраўняй, каб прыгожа было!

Тады сеў проста на зямлю ля Лыкі і пачаў прышываць руку на тое месца, дзе яна мусіць быць у важнага чалавека.

Пры жыцці гэтая рука мела для Сцяпана Ільіча Лыкі стратэгічнае значэнне. Ён насіў у ёй партфель, падпісваў важныя паперы, ставіў штампы і трымаў лыжку. На ёй жа ў Лыкі быў пярсцёнак, што выдаваў у ім сур’ёзнага сямейнага чалавека — абаронцу традыцыйных каштоўнасцей. Яшчэ гэтай рукой ён пляскаў аб левую, калі слухаў прамовы кіраўнікоў. Ціснуў ёй рукі дэлегатам уседзяржаўнага сходу. У маладосці пісаў паперы на суседзяў у камітэт. І, нарэшце, выхоўваў жонку і сыноў.

Без гэтай рукі Сцяпан Ільіч выглядаў пакрыўджаным. Ягоны выраз твару не змяніўся, але цяпер Рыгорычу падавалася, што гэта Лыка так крыўдуе на яго і Сашку. Маўляў, кожную хвіліну свайго жыцця думаў пра вас, ночы не спаў, каб капейчыну якую атрымалі і жыццё сваё спарадкавалі, а вы нават пра руку паклапаціцца не можаце. Таму стары сядзеў і акуратненькім шоўчыкам ладзіў тую руку на яе спрадвечнае месца.

Сашка прыбраў пясочак на могілках, паклаў рыдлёўку і соп над Рыгорычам. Той нарэшце адкусіў нітку зубамі і паволі паклаў руку на зямлю. Выглядала прыгожа. Тады яны сталі ўдваіх з Сашкам і глядзелі, як манументальна ляжыць Лыка і як сур’ёзна ён выглядае нават пасля фізічнай смерці.

— Цяпер давай ціхенька ўдваіх яго бяром — ты пад калені, я пад галаву — і нясём у машыну, — загадаў Рыгорыч, і яны з Сашкам паднялі чыноўніка з зямлі. Цяпер яго трэба везці да дзяўчат-грымёрак, у касцюмерную і потым — на свята, бо людзі чакаюць прамову.

— Ты, Сашка, нармальны хлопец, — загаварыў у машыне Рыгорыч. — Галава ў цябе светлая, шмат чаго разумееш. Але не можаш адно зразумець: там добра, дзе нас няма. Тут наша зямля і нашы людзі. Жывём як можам і як умеем. І ніхто, акрамя гэтых людзей, для нас нічога не зробіць, бо яны пра нас думаюць. А больш ніхто.

Сашка сядзеў моўчкі і цяжка дыхаў. Ён Рыгорыча ведаў з дзяцінства і паважаў, бо чалавек гэта быў працавіты і дасведчаны: мог і хату пашаляваць, і грыбныя месцы ведаў, і ў палітыцы нешта разумеў. Таму спрачацца з ім хлопец не хацеў, бо яго момантам прыціскала да зямлі аўтарытэтам Рыгорыча, і тады Сашка проста ціхенька ляжаў і папіскваў ад цяжару аргументацыі. Але вось гэты рытуал па выкопванні Лыкі з зямлі Сашку катэгарычна не падабаўся. Чаму? Ён да канца не сфармуляваў, але калі коратка, то хай бы сабе спаў спакойна чалавек. Што, іншых няма? Ну дык ёсць жа: маладыя, адукаваныя, з пазіцыяй. Шмат вандравалі, шмат чаго бачылі. Але ў цэнтры ніхто не спадабаўся. Сказалі, што толькі Лыка талковы кіраўнік і хай так і застаецца. І цяпер Сашка вымушаны браць рыдлёўку і прыводзіць Сцяпана Ільіча ў належны стан перад кожнай урачыстай прамовай.

Прыехалі ў выканкам. Там ужо звычайная мітусня. Наталля Іванаўна з ідэалогіі ад раніцы носіцца па кабінетах і кантралюе, каб усе былі цвярозыя і пры справе. Яна яшчэ з акна заўважыла, што пад’язджае машына, і кінулася да яе, ажно па дарозе згубіла абцас.

— Леанід Рыгоравіч, што ў вас? Кіраўнік гатовы? — падбегла яна да аўтамабіля.

— У найлепшым выглядзе! — лаканічна адрапартаваў Рыгорыч.

— Добра, тады нясіце яго грымёрам, а касцюм я ўжо падрыхтавала, — загадала ідэолаг і зазірнула ў акно. — Божухна, як жа ён схуднеў. Можа нават і касцюм будзе на яго завялікі.

Наталля Іванаўна на імгненне задумалася, але адразу прыняла стандартны выраз твару і пабегла назад у выканкам.

Сашка з Рыгорычам узялі Лыку і хуценька панеслі яго ў кабінет, каб ніхто з мінакоў не заўважыў кіраўніка ў такім уразлівым стане. Дзяўчаты з салону прыгажосці і камітэтчык ужо былі на месцы. Смяяліся і жартавалі пра сваё.

— О-о-о, а вось і наш прыгажун! — заўсміхаліся яны, калі ўбачылі перад сабой нябожчыка. — Ну што, можа, сёння зробім яму модную фрызуру? Ці вейкі гусцейшыя, бо гэтыя ўжо паабсыпаліся.

— Хопіць трындзець, часу мала, — адрэзаў Рыгорыч і пасадзіў Сцяпана Ільіча ў крэсла. Той сеў, нібы жывы, і важна глядзеў са свайго трона адначасова на дзяўчат, камітэтчыка і Рыгорыча з Сашкам. Суворы і нерухомы. Мудры і вечны. Дзяўчаты прыціхлі і пачалі паціху фарбаваць Лыку: колер яго твару паступова памяняўся з сіне-карычневага на брудна-ружовы, страшныя чорныя дзіркі замест вачэй упрыгожыліся пластыкавай імітацыяй, чэрап накрыўся элегантным парыком, вусны дзеўкі падфарбавалі памадай. Цяпер Сцяпан Ільіч выглядаў амаль як жывы. Можна было пасадзіць яго на важную нараду і даць у рукі аркуш паперы з асадкай — ніхто б і ніколі не здагадаўся пра адсутнасць жыцця ўнутры груздзеўскага чыноўніка. Толькі пахла. Але так пахне і ў міліцэйскім пастарунку. Ці ў камітэце. Нічога незвычайнага.

Пакуль апраналі Лыку ў гарнітур, пачалося свята. На плошчы выступалі дэсантнікі: спачатку таўклі адзін аднаго на горкі яблык, потым скакалі праз вогнішча, пасля — спявалі патрыятычныя песні, абціраючы крывавую юшку з каменных твараў. Людзі пляскалі ў далоні і рэагавалі на такую праяву патрыятызму даволі пазітыўна. Горад існаваў у падобным фармаце раз на год, і гэтыя канцэрты давалі груздзеўчанам магчымасць зрабіць пераклічку і даведацца, хто жывы, а хто ўжо памёр.

Пакуль вядучы свята крычаў у мікрафон урачыстыя словы пра росквіт, стабільнасць і ворагаў на мяжы, Лыку ўтраіх — Рыгорыч, Сашка і Наталля Іванаўна — падвалаклі да сцэны. У той самы момант прыбегла Наташа з прыёмнай і сунула яму ў халодныя рукі факс, які толькі-толькі прыйшоў з цэнтра. Лыка раптам шырока расплюшчыў вочы і пайшоў сваёй хадой. Зачараваныя людзі глядзелі яму ўслед.

Сцяпан Ільіч павольна падышоў да мікрафону і пракашляўся, каб крыху распрацаваць гнілыя звязкі. Людзі сціхлі і цяпер уважліва глядзелі на важнага і суворага правадыра. Лыка ўзяў у левую руку факс і пачаў манатонна яго чытаць.

— Паважаныя груздзеўчане. У гэты няпросты час мы з вамі сабраліся на гэтым месцы, каб адсвяткаваць сваю незалежнасць. Незалежнасць не даецца так проста. У дзевяностыя яна ўвогуле валялася пад нагамі і ніхто не хацеў яе браць. А мы паднялі, адмылі, пачысцілі і выхавалі так, як умелі і маглі. І вось якая яна ў нас прыгожая цяпер, свая. Наша багацце…

Рыгорыч і Сашка з адкрытымі ратамі назіралі за гэтым цудам. Звычайна Лыку проста ставілі на сцэну і ўключалі фанаграму з запісаным яшчэ пры жыцці тэкстам: там былі стандартныя фразы пра стабільнасць рэгіёна, намалоты і план на пяцігодку, які не мяняўся 29 год. Але зараз Лыка гаварыў сам, пад уздзеяннем нейкай знешняй д’ябальскай сілы, якую ўдыхнуў у яго гэты таямнічы факс. Побач стаялі Наталля Іванаўна і Наташа і глядзелі на Лыку закаханымі вачыма. А той працягваў.

— …я ведаю, шаноўныя груздзеўчане, што людзі вы шчырыя і гасцінныя. І калі сябрам, ветлівым людзям, патрэбна дапамога, вы заўсёды дапаможаце. Таму сёння, у гэтае свята, я папрашу вас падзяліцца тым, чым вы багатыя…

Свяціла восеньскае сонейка. Людзі ціха стаялі на плошчы і слухалі прамову Лыкі. Было неяк дзіўна: без планаў на пяцігодку, рост сярэдняга заробку, барацьбу з карупцыяй і нячэснымі падонкамі. На гэты раз чалавек у касцюме казаў нешта зусім іншае, але сэнс гэтай прамовы груздзеўчане пакуль яшчэ не зразумелі.

— …такім чынам, я прапаную прагаласаваць апладысментамі, шаноўныя груздзеўчане, — працягваў Лыка. — Калі вы катэгарычна «за» дапамогу, папляскайце ў далоні.

Людзі запляскалі, бо нічога дрэннага ў гэтым быццам бы няма. Заўсёды пляскалі: на канцэртах, мітынгах, урачыстых шэсцях і калі дзеці атрымлівалі школьны дыплом.

— … калі вы катэгарычна супраць, не пляскайце ў далоні, — сказаў Лыка.

Людзі стаялі моўчкі і не ведалі, што ім рабіць.

— Аднагалосна, — скончыў Лыка. — Будзем дапамагаць, народ просіць.

Загучала патрыятычная музыка пра «Кацюшу». Людзі зноў запляскалі ў далоні. Рыгорыч і Сашка стаялі за сцэнай і назіралі за Лыкам. Той стаяў нерухома і глядзеў перад сабой. Людзі перад сцэнай і назіралі за правадыром. Раптам яго правая рука затрэслася ў нервовай канвульсіі і пайшла ўверх. Рыгорыч даў па вуху Сашку. Той шмаргануў носам і апусціў галаву. Перад імі стаяў на сцэне мёртвы чалавек і цягнуў сваю руку насустрач апошняму восеньскаму сонейку.

Замовіць кнігу «Свінні»

Вы можаце замовіць папяровую версію кнігі «Свінні» па пошце ў любую краіну. Кошт кнігі — 55 zł (каля €12). Да сумы аплаты будуць дададзеныя паштовыя выдаткі ў залежнасці ад краіны дастаўкі (кніга будзе адпраўленая з Польшчы). Кошт лічбавай версіі — 30 zł (каля €7).

Пазначце свае дадзеныя, дакладны паштовы адрас (для замовы папяровай версіі) і націсніце на кнопку PayPal. Вы будзеце перанакіраваныя на старонку аплаты праз міжнародную сістэму PayPal.

Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі і хочаце замовіць кнігу, неабходна зарэгістравацца ў сістэме PayPal (зрабіць гэта нескладана). Калі з аплатай усё ж узнікнуць праблемы (а такое цалкам верагодна), калі ласка, напішыце нам на email [email protected] і мы прыдумаем, як вам даслаць папяровы ці электронны асобнік кнігі.

Геаграфія замоваў